РАДЗІВІ́ЛАЎ БІБЛІЯТЭ́КА ў Нясвіжы.
Найбуйнейшая прыватная б-ка Рэчы Паспалітай. Засн. ў 16 ст. Мікалаем Радзівілам Чорным. У б-ку паступалі кнігі з друкарань Еўропы, а таксама з асабістых, засн. ім у Нясвіжы і Брэсце. Фонд б-кі павялічыў яго сын Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка (прысылаў кнігі ў час вучобы за мяжой), паступілі зборы Радзівіл Ганны з Сангушкаў, маршалка Флемінга. Першы каталог б-кі склаў у сярэдзіне 17 ст. Альбрыхт Радзівіл. У сярэдзіне 18 ст. ў б-цы 9 тыс. тамоў, у 1772 — больш за 20 тыс., у т. л. інкунабулы, палеатыпы, антычная і рэнесансавая л-ра, гіст. і юрыд. выданні, палемічныя рэфармац. творы, рукапісны фонд. Афіцыйна наз. Ардынацкай б-кай. У 1772 вывезена з Нясвіжа і перададзена пецярбургскім б-кам. У 19 ст. ўладальнікі Нясвіжскага замка стварылі новую б-ку, у якой архіварыусамі і бібліятэкарамі працавалі М.Маліноўскі, У.Сыракомля, М.Богуш-Шышка. У 1864 у б-ку паступілі кнігі з закрытых у Нясвіжы кляштараў бернардзінцаў і бенедыкцінак. У 1880 Антон і Марыя Радзівілы перавезлі з Берліна б-ку, якая стала гал. часткай новага Нясвіжскага збору кніг і мела асобны экслібрыс. У 1-ю сусв. вайну разрабавана, рэшткі б-кі ў 1940 перададзены АН БССР. У Вял. Айч. вайну вывезена ў Германію, у 1945—46 разрозненыя часткі вернуты на Беларусь і захоўваюцца ў Мінску ў Бібліятэцы Цэнтральнай навуковай Нац. АН Беларусі, Бібліятэцы Нацыянальнай Беларусі, Бібліятэцы Прэзідэнцкай, Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.
Л.І.Збралевіч.
т. 13, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)